У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.
Переключиться на мобильную версию.У лістападзе споўнілася 55 гадоў народнаму літаратурнаму тэатру“Жывое слова”. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй “жываслоўцы” перанеслі святкаванні юбілею на Дзень тэатра 27 сакавіка 2022 года. Але тэатр працягвае выступаць на пляцоўках, куды яго запрашаюць музеі і бібліятэкі. Да 55-годдзя “Жывое слова” аднаўляе спектакль “Цень” паводле п’есы Яўгена Шварца, які можна будзе ўбачыць у хуткім часе. А таксама ўдзельнікі тэатра ладзяць інтэрактыў на афіцыйных старонках “Жывое слова & кампанія” ў сацыяльных сетках.
“Жывое слова” – гэта адзін са страрэйшых аматарскіх калектываў Беларусі і адзіны студэнцкі тэатр, які жыве выключна беларускай мовай. Яго ўдзельнікі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка працуюць з літаратурнымі тэкстамі, удасканальваюць уменні данесці мастацкае слова гледачам. Тэатр быў створаны ў лістападзе 1966 года на філалагічным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага былым акцёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, выкладчыкам педінстытута і акадэміі мастацтваў Андрэем Калядой. У 1977 годзе калектыў атрымаў званне “Народны”, і сёння аб’ядноўвае студэнтаў самых розных факультэтаў БДПУ.
Традыцыі, закладзеныя Андрэем Калядой зберагалі і развівалі яго прыемнікі: Юрась і Алена Чарэнкі, Наталля Кухарава і Уладзімір Трапянок. З 2012-га тэатрам кіруюць Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі.
Тэатр “Жывое слова” захоўвае традыцыю тэатральных выпускных і капуснікаў,а таксама вечарынуласнай творчасці “Атрасіны”, калі ўдзельнікі тэатра самі становяцца рэжысёрамі і сцэнарыстамі, такім чынам “атрасаюць” творчыя здабыткі за год
На працягу навучальнага года ў тэатры існуе Клуб творчых дыялогаў, куды “жываслоўцы” запрашаюць вядомых дзеячаў культуры, пісьменнікаў, людзей,якія зрабілі ўнёсак у развіццё беларускага мастацтва.
Тэатр кожны год паказвае літаратурна-музычныя кампазіцыі, прысвечаныя слаўным юбілейным датам. Так, сёлета “Жывым словам” падрыхтавана кампазіцыя да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. 3 снежня мастацкі кіраўнік тэатра Алеся Сівохіна з гэтай нагоды выступіць разам з загадчыкам філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Літаратурны музей Максіма Багдановіча” Міхалам Бараноўскім у Бібліятэцы №14 імя Ф. Багушэвіча. А 9 снежня, у дзень нараджэння паэта, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча выступяць усе ўдзельнікі тэатра “Жывое слова”, і нехта ўвасобіць вобраз пісьменніка ў дзяцінстве, хтосьці стане закаханым рамантыкам-Багдановічам у юнацтве, а некаму давядзецца адчуць перажыванні паэта перад смерцю. Па сюжэце кожны з “багдановічаў” сустрэне герояў сваіх твораў а што з гэтага адбудзецца, можна даведацца, наведаўшы музей у юбілей любімага аўтара.
За апошняе дзесяцігоддзе тэатрам былі пастаўлены спектаклі паводле твораў У. Караткевіча (“Афарызм”), Р. Брэдберы (“Злавіць будучыню”), С. Палуяна, В. Ластоўскага, Х.-Л. Борхеса і інш. (“Дудар”), У. Караткевіча і Р. Брэдберы (“Вецер”) і Я. Шварца (“Цень”). Апошні са згаданых спектакляў тэатр “Жывое слова” ставіць з абноўленым складам удзельнікаў, для многіх з якіх адбудзецца дэбют на малой сцэне БДПУ 28 снежня.
Калi казка можа стаць рэальнасцю, але зусiм не такой, як намалявана ў дзiцячых кнiгах... Калi адзiная магчымасць выйсцi з гульнi – давесцi партыю да канца... Калi здрада можа прывесцi да агульнай мэты, а спроба ахвяраваць сабой абернецца супраць усiх... Спектаклем "Цень" тэатр “Жывое слвоа” працягвае постмадэрнiстычныя гульнi з тэкстам. I калi на Андэрсана паўплывалi работы нямецкага вучонага i пiсьменнiка Шамiса, а Шварц пакiнуў толькi алюзii i рэмiнiсцэнцыi на творы дацкага казачніка, то спектакль "Цень" - гэта беларуская перапрацоўка п'есы Яўгена Львовiча, якому сёлета споўнілася б 125 гадоў.
Такім чынам можна павіншаваць з юбілеем і пісьменніка, і “Жывое слова”, калі ўжо немагчыма дачакацца Дня тэатра. Аднак зрабіць гэта можна і зараз – на афіцыйных старонках тэатра ў сацыяльных сетках. Там удзельнікі тэатра запусцілі песенны флэшмоб, і кожны з выпускнікоў можа запісаць на відэа любімую "жываслоўскую песню" і выкласці яе пад хэштэгам #спяваежывоеслова. Гэта можа быць як сольны запіс, так і выкананне дуэтам, ў відэазапісе можна зрабіць выклік і перадаць эстафету камусьці з выпускнікоў тэатра, пазначыўшы якую песню хочацца пачуць ці без таго. Самых актыўных удзельнікаў флэшмобу чакаюць падарункі падчас святкавання юбілею.
У сацсетках кожны тыдзень выкладаюцца відэагісторыі пра тэатр ад цяперашніх "жываслоўцаў". Гэта віншаванні, вясёлыя і кранальныя выпадкі з тэатральнага жыцця. А таксама ўвазе падпісчыкаў – лепшыя нумары з канцэртных праграм тэатра “Жывое слова”. Ужо зараз VKontakte, FaceBook і Instagram даступны сцэнічныя ўрыўкі з рамана Івана Мележа “Людзі на балоце” і Уладзіміра Караткевіча “Сіняя-сіняя”.
Нельга не згадаць, што ў 1977 годзе тэатр стаў лаўрэатам Першага Усесаюзнага фестывалю мастацкай творчасці і з таго часу атрымаў шмат узнагарод. Сярод іх: лаўрэат і дыпламантміжнародных фестываляў аматарскіх і студэнцкіх калектываў, у тым ліку “Тэатральны куфар” у Мінскуі “Рампа” ў Днепрапятроўску; рэспубліканскіх фестываляў “Паралельныясветы” ў Баранавічах, “Дзверы” ў Мінску, “Арт-вакацыі”, “Сузор’е” і іншых.
3, 9 і 28 снежня тэатр запрашае на згаданыя пляцоўкі, дзе пасля выступленняў будзе магчымасць сустрэцца з удзельнікамі “Жывога слова”.
E-mail:zhyvoe.slova@gmail.com
Суполкі ўсацсетках:https://vk.com/zhyvoeslova, https://www.facebook.com/groups/175796665844457/?fref=ts
https://www.instagram.com/zhyvoeslova/
При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.