У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.
Переключиться на мобильную версию.19 мая 2021 года ў 16.00 у Гомелі ў Палацы культуры Чыгуначнікаў (Прывакзальная плошча, 4) адкрываецца выстава “I трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў “VIVAT VITA”. Выбранае”, падрыхтаваная грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз мастакоў”.
Арт-фестываль выяўленчага мастацтва, у межах якога адбыліся I Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў і выставачны праект “Графіка года”, праходзіў у лістападзе-снежні 2020 года ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” і стаў самай яркай творчай падзеяй мінулага года.
У экспазіцыі выставы “Выбранае” гомельскія гледачы пазнаёмяцца з лепшымі творамі гэтых двух праектаўБеларускага саюза мастакоў. Сярод іх – работы аўтараў розных узростаў, розных жанраў, тэхнік, спосабаў і метадаў мастацкага даследавання жыцця. Аб’яднаны яны агульным дэвізам арт-фестываля – “VIVAT VITA“ (Жыве жывое мастацтва), а таксама часавым прамежкам стварэння – апошнія тры гады. Спадзяемся, гледачоў закрануць і прымусяць паразважаць філасофскія і сацыяльныя тэмы твораў: пераасэнсаванне важных вех у нацыянальнай і сусветнай гісторыі, культуры, актуальныя пытанні светабудовы, праблемы экалогіі.
У экспазіцыі прадстаўлены работы лаўрэатаў І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў, выбраныя па розных намінацыях, запрошаным журы з мастацтвазнаўцаў.
Гран-пры І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў атрымала Кацярына Сумарава. Яе работа “Плашчаніца” (туш, акрыл, палатно, 2020) адсылае гледачоў да знакамітага тэсту Роршаха, па якім можна інтуітыўна выявіць жахі, спадзяванні, мэты, адштурхоўваючыся візуальных і пачуццёвых уражанняў, накладзеных на персанальны досвет гледача. У экспазіцыі прадстаўлена “Курапацкая плашчаніца” мастачкі. Гэта работа – своеасаблівае мастацкае даследаванне ўнутранага стану чалавека, першасна, самой аўтаркі, якая датыкаецца да такой важной і складанай старонкі беларускай гісторыі, звязанай з Курапатамі. Гэта ўласная рэфлексія на гэту тэму перадаецца Кацярынай Сумаравайпраз пластыстыку колераў, агульны настрой твора. Работа становіцца суб’ектыўным, перапрацаваным асабістым досведам мастачкі.
У экспазіцыі выставы таксама можна пазнаёміцца з творамі іншых лаўрэатаў трыенале:у намінацыі “Жывапіс” – Васіля Касцючэнкі (1 месца), Таццяны Радзівілкі (2 месца), у намінацыі “Графіка” – Юрыя Якавенкі (1 месца), у намінацыі “Скульптура” – Канстанціна Селіханава (1 месца), Сяргея Аганава (2 месца), а таксама лаўрэатаў праекта “Графіка года” ў намінацыі “Арыгінальная графіка” – Вера Каўзановіч (1 месца), Андрэй Савіч (3 месца), у намінацыі “Друкаваная графіка” – Марыя Кошалева-Ліхота (1 месца), Андрэй Басалыга (2 месца), Марыя Мароз (3 месца).
Аднак выстава “Выбранае” не абмяжоўваецца толькі работамі пераможцаў. У экспазіцыі ёсць новыя работы знакамітых беларускіх творцаў, сярод якіх народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік, старшыя ГА “БСМ” Глеб Отчык, а таксама Леанід Хобатаў, Васіль Васільеў, Галіна Васільева, Уладзімір Вішнеўскі, Мацвей Басаў, Павел Вайніцкі, Алена Бараноўская, Максім Пятруль і іншыя.
Для мастакоў і мастацтвазнаўцаў, гледачоў такія буйныя калектыўныя выставы – гэта не толькі сапраўднае свята, вынік напружанай творчай працы, сустрэча на адной экспазіцыйнай прасторы розных пакаленняў і светапоглядаў, але і своеасаблівы даследчы зрэз. Такія экспазіцыі дазваляюць убачыць, якія пытанні вырашаюць сучасныя мастакі падчас сваіх творчых эксперыментаў. А для уважлівых і зацікаўленых гледачоў – гэта ўнікальная магчымасць не толькі ў адным месцы пазнаёміцца з лепшымі і найбольш арыгінальнымі творамі, але і паспрабаваць прааналізаваць тое, што зараз хвалюе беларускіх творцаў, наколькі беларускае мастацтва здольна рэагаваць на выклікі часу, ці суадносяцца ідэйныя і тэхнічныя эксперыменты з працэсамі, якія адбываюцца ў аналагічных відах мастацтва іншых краін.
При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.