У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.
Переключиться на мобильную версию.Да Сусветнага дня тэатра канал «Беларусь 3» пакажа адразу некалькі актуальных пастановак з афіш беларускіх тэатраў, у тым ліку – упершыню на тэлебачанні – камедыйны спектакль «Мікітаў лапаць».
Прафесійнае свята ўсіх супрацоўнікаў тэатра, якое штогод ладзіцца пад дэвізам: «Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі», традыцыйна адгукаецца ў эфіры сацыякультурнага канала Белтэлерадыёкампаніі ўвагай да тых, хто шмат гадоў ствараў і стварае зараз тэатральнае жыццё краіны. На працягу тыдня ў праектах «Кадры жыцця» і «Камертон» гледачы сустракаліся з рэжысёрамі і акцёрамі, сцэнарыстамі і тэатральнымі педагогамі, а на выходных убачаць чатыры пастаноўкі розных тэатраў – і розных жанраў.
У праграме 26 сакавіка – драматычная балада Аляксея Дударава «Не пакідай мяне...», пастаўленая на сцэне віцебскага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Дарэчы, адзін з апошніх выпускаў праграмы «Камертон» з удзелам вядомага сцэнарыста і заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь выйдзе ў эфіры перад спектаклем у 17:00.
Увечары чакаецца паказ абноўленай оперы Уладзіміра Солтана паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» – аднаго з апошніх спектакляў Вялікага тэатра Беларусі. Пачатак паказу ў 22:35.
На тэатральнае свята 27 сакавіка яшчэ адной сустрэчай з Вялікім тэатрам стане харэаграфічная легенда Вячаслава Кузняцова «Анастасія» ў 14:20, а ў 17:20 гледачы ўпершыню ў эфіры «Беларусь 3» убачаць спектакль сталічнага Тэатра-студыі кінаакцёра «Мікітаў лапаць» паводле Міхася Чарота. Гэта каларытная камедыя з песнямі, жартамі і танцамі – гісторыя кахання напрасткі з беларускай глыбінкі.
Адразу пасля спектакля праект «Кадры жыцця» запрашае на інтэрв’ю з мастацкім кіраўніком Тэатра-студыі кінаакцёра, народным артыстам Беларусі Аляксандрам Яфрэмавым.
При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.