У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.

Переключиться на мобильную версию.
Новости
Видеопродукция
Печатная продукция
Cувенирная продукция
Наши книги
Презентация
Архив газет
О нас

10.09.2017 «Маленькага прынца» на беларускай мове паказалі ў Гомелі

«Маленькага прынца» на беларускай мове паказалі ў Гомелі

Мультфільм «Маленькі прынц» паказалі ў кінатэатры імя Калініна 9 верасня. Сеанс падрыхтаваў для гамяльчан шмат сюрпрызаў: флэшмоб, падарункі і зоркі, якія свецяцца ў цемры. А калі святло ў зале патухла, героі анімацыі загаварылі па-беларуску.

Выходныя ў Гомелі прайшлі з размахам. Адны спяшаліся на дзень нараджэння Навабеліцкага раёна, іншыя — на мультфільм «Маленькі прынц» у беларускай агучцы. Менавіта з гэтай анімацыі і пачалося вандраванне па рэгіянальных гарадах. Гомель стаў трэцім, і тут падарожжы маленькага прынца завяршыліся. Але арганізатары спяшаюцца супакоіць гледачоў: гэта не апошні паказ фільмаў на беларускай мове.

Зала кінатэатра была запоўнена. Сюрпрызам для гамяльчан стаў незвычайны флэшмоб. Дзясяткам людзей прапанавалі падняцца з крэслаў і скласці лагатып кампаніі velcom. Гамяльчане свяцілі мабільнымі тэлефонамі ці люмінафорнымі касмічнымі фігурамі і зоркамі. Апошнія кожны атрымаў яшчэ да пачатку сеансу, а пасля змог абмяняць фігуркі на прыемны бонус ад партнёраў праекта: бясплатны сертыфікат на комплекс інтэрнэт-паслуг са зніжкай.

На кранальных момантах мультфільма стрымаць слёзы было практычна немагчыма. Вынікі праекта сапраўды ўражваюць. Трэйлер «Маленькага прынца» набраў мільён праглядаў у сацыяльных сетках, і падчас тытраў гледачы не спяшаліся да выхаду, а ўдзячна пляскалі ў далоні.

Арганізатары не забыліся і пра аўтара кнігі — Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Да 117-годдзя са дня нараджэння пісьменніка «Маленькага прынца» перавыдалі на беларускай мове. Частку асообнікаў перадалі ў гарадскія школьныя бібліятэкі. Цяпер вучні змогуць чытаць класіку на роднай мове.

— Беларускую мову трэба падтрымліваць. Я падтрымліваю яе тым, што люблю. Я не ўкладаю ў гэта ніякіх грошай, а проста выкарыстоўваю мову ў побыце. І калі ў мяне ёсць магчымасць зрабіць нешта для краіны — раблю. Мне на генетычным узроўні прыемна займацца гэтым, і я хацеў бы перадаць любоў да гісторыі, мовы і радзімы іншым, — падзяліўся беларускі акцёр Павел Харланчук, які прымаў удзел у прафесійнай агучцы «Маленькага прынца» і іншых карцін праекта «Беларускія ўік-энды».
 

Серыя паказаў фільмаў на беларускай мове ахапіла 4 тысячы гледачоў. Праект «Беларускія ўік-энды» пры падтрымцы кампаній velcom і «Атлант Тэлекам» створаны больш за год таму. Яго мэта — добрае кіно, прафесійна агучанае на беларускай мове і якое паказваюць ў кінатэатрах.

Падчас перакладу сутыкаешся са складанасцямі. Калі на французскай мове гаворыш пяць слоў, то па-беларуску трэба сказаць дзесяць, і наадварот. Але стваральнікі праекта лічаць гэта не праблемай, а тэхнічнымі момантамі. Эмацыйна трапіць у персанажа і нічога не сапсаваць значна складаней.

Квіткі на чарговы фільм па-беларуску — «Форэст Гамп» — ужо ў продажы. У верасні кінакарціну можна паглядзець у сталіцы, у Гомелі такой магчымасці не будзе. Затое ў кастрычніку-лістападзе ва ўсіх кінатэатрах краіны на экранах ўспыхне сямейна-прыгодніцкі фільм «Шторм». Арганізатары адзначаюць, што прэм'ера «Шторму» — цікавы спосаб расказаць пра час рэфармацыі. Патлумачыць, чаму Францыску Скарыне было важна надрукаваць кнігу і чаму гэта падзея больш значная за выхад новай мадэлі смартфона. Да Раства плануецца выхад і іншага фільма — «Хронікі Нарніі», а таксама выданне другой часткі кнігі. 

Арганізатары праекту «Беларускія ўік-энды» імкнуцца да разнастайнасці. Яны не спыняюцца на адных стылях ці жанрах.

— Для нас важная аўдыторыя, якая шануе беларускую мову і застаецца патрыётамі сваёй краіны незалежна ад узросту, адукацыі і месца працы. Пры гэтым многія могуць і не размаўляць па-беларуску ў звычайным побыце, але пры гэтым заставацца беларусамі. Поўныя залы на кожным з сеансаў — лепшая падтрымка, на якую толькі магла разлічваць ідэя сусветнага кіно па-беларуску. За гэты час мы падзялілі задавальненне ад прагляду з вялікай колькасцю людзей. І гэта не ўсё: наша мэта — даць такую магчымасць кожнаму жыхару краіны, — адзначыў стваральнік і кіраўнік праекта Андрусь Кім.
 
Настасся КАНАВАЛЕНКА
Фота з інтэрнэт-крыніц
При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.
Просмотров: 25005

Комментарии