У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.

Переключиться на мобильную версию.
Новости
Видеопродукция
Печатная продукция
Cувенирная продукция
Наши книги
Презентация
Архив газет
О нас

19.12.2013 Як дыктар гомельскага стадыёна ганяў у футбол з Мяркулавым, схуднеў пад зборную Францыі і пераблытаў братоў

Як дыктар гомельскага стадыёна ганяў у футбол з Мяркулавым, схуднеў пад зборную Францыі і пераблытаў братоў

Як дыктар гомельскага стадыёна ганяў у футбол з Мяркулавым, схуднеў пад зборную Францыі і пераблытаў братоўГолас гэтага чалавека ведае кожны, хто хоць раз цягам апошніх двух гадоў пабываў на стадыёне “Цэнтральны”. Ужо амаль два гады ён не прапускае ніводнага футбольнага матча, своеачасова і адметна прапаноўваючы гледачам актуальную інфармацыю – аб складзе каманд, галах, заменах, правілах паводзінаў, выніках і падзеях чэмпіянату. Раней вы толькі чулі яго, а зараз зможаце пазнаеміца бліжэй. Вітайце, гэтага чалавека клічуць Юрый Крышнёў. Ён – дыктар стадыёна “Цэнтральны”.

Гэты чалавек данёс да гомельскіх аматараў футбола знакамітую манеру прадстаўлення гульцоў. Калі дыктар моцна працягвае імя футбаліста, сваёй інтанацыяй запрашаючы стадыён у адзін голас выбухнуць яго прозвішча.

– Гол у вароты каманды “Дынама­Мінск” забіў нумар 10­ты Гена­а­адзь...
– ...БЛІЗНЮК!


І так тройчы. Зараз такая манера стала візітнай карткай Юрыя. І, канешне, яго глыбокі тэмбр і цудоўная дыкцыя. У самыя напружаныя моманты ён у стане завесці цэлы стадыён. Самае цікавае, што асноўнае месца працы Юрыя ніякага дачынення да спорта не мае. Ён – дыктар стадыёна “Цэнтральны” толькі ў той час, калі адбываюцца гульні футбольнага клуба “Гомель”, а наогул ён працуе загадчыкам кафедры “Прамысловая электроніка” ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога. Дарэчы, беларуская мова для Юрыя – гэта не проста часовы стан на момант выканання абавязкаў дыктара. Па­беларуску ён чытае і лекцыі ва ўніверсітэце, і наогул размаўляе. І наведвальнасць на яго занятках такая ж добрая, як і на “Цэнтральным”. З такім цікавым з усіх бакоў чалавекам удалося пагутарыць і нам. Даўні аматар гомельскага футбола, чалавек, які працаваў на афіцыйных гульнях зборнай Беларусі з камандамі Францыі і Фінляндыі, а ў дзяцінстве ганяў мяч з будучым галоўным трэнерам ФК “Гомель” Аляксеем Мяркулавым, пакінуў уражанне чалавека інтэлігентнага, надзвычай адказнага і даволі абаяльнага.

– Юрый, як Вы сталі дыктарам?
– Дыктарам я стаў, можна казаць, “на спрэчку”. Перад пачаткам сезону­2012 на зялёна­белых старонках прэсболаўскага форуму па выніках перадсезоннай сустрэчы з камандай узнікла дыскусія наконт таго, а ці не надыйшоў час перавесці дыктарскае суправаджэнне матчаў у Гомелі на родную мову. Дырэктар клуба Яўген Пабалавец на той момант даў адказ, што наогул вітае гэтую прапанову, але не бачыць шляхоў яе здзяйснення на практыцы праз адсутнасць у горадзе спартыўнага дыктара, вольна валодаючага беларускай мовай. Форум размежаваўся на прыязную да мовы большасць і скептыкаў, якія почыркам гуру холадна заяўлялі: “Вы можаце паспрачацца толькі тут, на форуме, а там, на стадыёне, ніхто па­беларуску працаваць не здолее. І гэты факт будзе красамоўнай прымовай і беларускай мове, і яе прыхільнікам”. Памеркаваўшы над дадзеным тэзісам цягам пары дзён, я набраў тэлефон нашага футбольнага клуба і паведаміў дырэктару клуба, што хацеў бы паспрабаваць сябе ў ролі дыктара стадыёна “Цэнтральны” менавіта на беларускай мове. Праслухоўванне завяршалася станоўча, і, такім чынам, 25 сакавіка 2012 года на гульні паміж футбольным клубам “Гомель” і мінскім “Дынама” адбыўся мой дыктарскі дэбют.

– І адкуль жа такое веданне роднай мовы?
– На маю думку, для любога чалавека, у любой краіне света, дасканаласць ведання роднай мовы вызначаецца яго літаратурным досведам. Тлумачыцца гэта тым, што мова размоўная і мова літаратур­ная – гэта зусім розныя рэчы. У той час, калі я гадаваўся, чытанне не было, як цяпер, нейкім асаблівым чынам. Чыталі амаль ўсе, чыталі і класіку, і сучаснікаў. З галавой акуналіся ў сюжэт раманаў і аповесцяў, накшталт таго, як зараз хто­нехта з маладзёнаў знікае ў інтэрнэце насуперак рэальнай рэчаіснасці. Дык вось, перадусім, я за школьным часам багата чытаў, па 400­500 старонак на дзень. Прычым гэта была ў меньшай ступені школьная праграма, а пераважным чынам – тое, што можна было з цяжкасцямі здабыць у бібліятэках ці па знаёмых: Мележ, Шамякін, Баршчэўскі, Міцкевіч, Багдановіч, Купала, Жылка, Уладзімір Дубоўка, Лукаш Калюга, Янка Маўр, пазней – Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Захар Шыбека, Альгерд Бахарэвіч, Уладзімір Арлоў, с замежных – Картасар, Маркес, Антон Чэхаў, Васіль Ян і шмат хто іншыя. Пражыўшы літаральна поруч з персанажамі і выявамі беларускіх літаратараў у вялікай колькасці твораў, цалкам скаштаваўшы сакавітасць і багацце роднай мовы, ты ўжо не стаіш перад выбарам, на якой мове думаць і размаўляць. Тым больш, у нас амаль кожны тапонім маляўніча і прыгожа нагадвае пра нашу моўную спадчыну: Іпуць, Нёман, Прыпяць, Нарач, Любань, Ліда, Заслаўль, Нясвіж, Радашковічы, Мікашэвічы, Валожын, Крычаў…

– Вашаму тэмбру і дыкцыі могуць пазайздросціць і супрацоўнікі радыё...
– Тэмбр голаса кожнаму чалавеку заклала прырода і толькі прырода. Гэта – неабходная ўмова. Чалавек можа працаваць над сабою, удасканальваць дыкцыю і інтанацыю, але без тэмбра анічога слушнага не атрымаецца. Таму, перадусім, мне трэба падзякваць за тэмбр сваіх бацькоў. Маці вось нядаўна згадала, што, калі навучалася ў школе, была дыктарам на школьным радыё. Такім чынам, я толькі шліфую тэмбр, дадзены мне прыродаю, прадумваю правільную пабудову сказаў і імкнуся да якаснага выканання.
Ёсць, праўда, у мяне адна праблема: калі любімая каманда відавочна саступае, або прапускае крыўдны гол, інтанацыя не застаецца якаснай. Ногі літаральна не хочуць ісці да мікрафону, а засмучэнне ў інтанацыі не атрымоўваецца схаваць ад аматарскага асяроддзя. Ведаю пра гэта, але пакуль анічога не магу з сабою зрабіць. На маё ўражанне, мне бракуе прафесіяналізму ў сэнсе халоднасці галавы незалежна ад падзей на полі, і тут яшчэ маецца каласальны рэзерв для самаўдасканалення.


– Вы спартыўны аматар? Можа, фанат ФК "Гомель"?
– Так, я спартыўны аматар, але я не фанат футбольнага клуба “Гомель”, бо я гляджу гульні не на фан­сектары, а ў дыктарскай кабіне (Усміхаецца). Калі шчыра, то, безумоўна, я ад самага дзяцінства верны заўзятар зялёна­белай каманды. Памятаю часы Абабурка, Маршына, Панцялеева і Кучука. Памятаю адказны выгляд, хваляванні за вынік гульні і ўзорную сур’ёзнасць трэнера Віктара Караткевіча. Памятаю, як на нашым стадыёне “Прамень” днямі наўсцяж ганялі мяч з пагодкамі Аляксеем Мяркулавым і Сашай Кульчым, а потым – як бачыў іх ужо з трыбун у зялёна­белай форме. Памятаю, як дзёрзка і гучна пачынаў сваю кар’еру ў гомельскай камандзе малады Анд­рэй Юсіпец. Памятаю, як пакідалі вышэйшы дывізіён і як магутна вярталіся. Памятаю эмоцыі Валерыя Яначкіна ў атачэнні яшчэ драўляных трыбун цэнтральнага стадыёна. Памятаю, як на стадыёне “імя майго дзяцінства” забіваў залаты гол малады Генадзь Блізнюк. Памятаю, якой дзіўна ціхай постаццю з’яўляўся трэнер чэмпіёнаў­2003 Сяргей Падпалы. Для мяне ён атаясамляўся з цішынёй, упэўненасцю і спакоем, а ягоная каманда, наадварот, дэманстравала смелы і крэатыўны футбол.
Нарэшце, памятаю, што, нягледзячы на тое, як у розныя часы змяняўся статус каманды і спаборніцтваў, наш Гомель заўсёды заставаўся сапраўдным футбольным цэнтрам, а каманда – натуральна народнай.


– Цяжка працаваць на матчы?
– Дзякуй Богу, я працую не адзін. Поруч са мной працуе Аляксандр Навуменка, які, акрамя пільнага аналізу гульні, забяспечвае якасны гукавы канал, а таксама выводзіць на табло фота, відэа і малюнкі, якія, дарэчы, малюе ўласнаруч. Калі вы заўважылі цягам апошніх двух сезонаў нейкія станоўчыя зрухі ў якасці медыйнага суправаджэння гульняў на “Цэнтральным” – у гэтым ёсць немалая заслуга і Аляксандра. Маем мы сваю паслядоўную пазіцыю і наконт музычнага суправаджэння матчаў на “Цэнтральным”: на нашу думку, яно ў ідэале павінна быць не толькі якасным з прафесійнага пункту гледжання, але і этнічна як мага больш блізкім да нашых мясцінаў, а на міжнародных гульнях – як бы спаборнічаць з музычнай культурай дзяржавы, якую прадстаўляе гасцявая каманда. Апошні прыём мы ўжо двойчы паспяхова выкарыстоўвалі –
падчас візітаў да нас англійскага “Ліверпуля” і зборнай Францыі.
Адзначу таксама і той факт, што гульні на “Цэнтральным” ў мяне дакладна перасталі атаясамляцца з адпачынкам. Недзе я чытаў, што падчас сустрэчы дыпламатаў на міжнародных перамовах перакладчыкі за пару гадзін могуць страціць да 5 кілаграмаў вагі. Адпрацаваўшы на такіх рэйтынгавых міжнародных матчах, як “Гомель” – “Ліверпуль” і Беларусь­Францыя, я разумею, што гэта – не пустыя словы. Падрыхтоўка да кожнай з гэтых гульняў заняла не меньш як тыдзень – дасканалае вымаўленне прозвішчаў футбалістаў, правільная падача аб’яваў на англійскай мове, медыйнае суправаджэнне, перадматчывая звароты да гледачоў зноў­такі на дзвюх мовах…
Упершыню ў сваёй кар’еры футбольнага заўзятара я натыкнуўся на тое, што нават вынік матчу адыходзіў на другі план па значнасці ў параўнанні з якасцю ўласнага дыктарскага прадукту. Быць голасам афіцыйнай міжнароднай сустрэчы, калі на трыбунах 14 тысяч гледачоў, а ўсё навокал у тэлекамерах і пражэктарах – гэта невымоўныя эмоцыі, але і вялізарная адказнасць адначасова. Не ведаю, як наконт пяці кілаграм, але кілаграмы па тры я скідваў дакладна.

– Ваша манера прадстаўляць гульцоў заводзіць стадыён вельмі моцна. Адкуль Вы яе ўзялі?
– У міжнароднай практыцы абслугоўвання гульняў такі спосаб узаемадзеяння з актыўнымі заўзятарамі вядомы ўжо даўно. Так, магчыма, што першым, хто гэта ўжыў на практыцы ў Беларусі, быў я. Памятаю, пачалося ўсё з гульні Гомель – Тарпеда­БелАЗ у красавіку 2012­га. Сяргей Казека забіў шыкоўны мяч, лік стаў 2:0, навокал усе былі ў стане эйфарыі. Я пачаў цягнуць імя аўтара гола так, як гэта прынята ў вядучых еўрапейскіх чэмпіянатах, і стадыён тройчы натхнёна выбухнуў замест мяне прозвішча. У наступнай гульні аналагічным чынам я працаваў ужо і на прадстаўленні стартавага складу нашай каманды.
Да нядаўняга часу наш стадыён заставаўся адзіным у Беларусі, які быў у стане хорам выбухнуць прозвішчы сваіх футбалістаў. Зараз да нас “падцягнуліся” яшчэ некалькі арэн Беларусі. Ды яшчэ на фоне спаду наведвання ў нас напрыканцы сезону. Што ж,
будзем лічыць гэта новым выклікам, абавязкова паспрабуем выдаць што­небудзь новае ў сезоне­2014. Прынамсі, відавочна намячаецца вельмі цікавае спаборніцтва нашай арэны з новай барысаўскай: па колькасці гледачоў (па ўмяшчальнасці трыбун цяпер мы будзем фактычна на роўных) і якасці медыйнага суправаджэння.


– Зразумела, ніводная, нават самая лепшая праца, не абыходзіцца без пэўных хібаў. У Вас былі памылкі?
– Памылкі… Ну, перш за ўсё, складана мне з братамі­-блізнюкамі. Гэта мой “канёк”! Для пачатку неяк у Паўла з Дзмітрыем Платонавых нумары пераблытаў, потым у гульні “Гомеля” з “Вікінгурам” на ўвесь стадыён запісаў на рахунак Паўла гол, хаця ў той час ён ужо добрапрыстойна выступаў за мікашэвічскі “Граніт”… Памятаю, у той момант Аляксандр Навуменка за гукааператарскім пультам толькі і паспеў, што ахапіць галаву рукамі і прысесці на зэдлік. Не так даўно гол Сяргея Канцавога ў нашы вароты перапісаў на рахунак ягонага брата Арцёма, які выступае, як вядома, за “БАТЭ”.
Час ад часу накладкі здараюцца, пакольку, усё ж такі, усе мы жывыя людзі, а не робаты. Іншым разам, словы, сказанныя “на аўтамаце”, калі галава ўжо занята пракруткай наступных дзеяў, даюць вось такі крыўдны для мяне эфект. Яшчэ адзін памятны эпізод узгадваецца на фінішы сезону­2012. “Гомель” упэўнена адольваў “Славію”. На замену ў складзе мазыран рыхтаваўся выйсці Яўген Зуеў, якога ў Гомелі за часцяком зусім непрыкметную ролю на полі ў сезоне­2011 шмат хто “палюбіў ад усяго сэрца”. “У камандзе “Славія” – замена, – пачынаю я падкрэслена афіцыйна. – Замест Алега Страхановіча ў гульню ўваходзіць нумар адзінаццаты Яўге­­е­­еен…” Потым была паўза... “ЗУЕЎ!” – с задавальненнем выпалілі трыбуны, прымаючы Яўгена, як свайго. І вось ў гэтым маленькім гумарыстычным мастку – увесь наш футбольны Гомель, багаты на эмоцыі, шчодры на апладысменты і сваім, і былым сваім, і чужым, калі гэтыя свае і чужыя – сапраўдныя майстры гульні нумар адзін.


– Як рэагуюць Вашы знаемыя на Вашу дыктарскую дзейнасць?
– У цэлым станоўча. Некаторыя, штопраўда, на працы прышпільваюцца. Кажуць, у нас ва ўніверсітэце падпрацоўвае адзіны ў Беларусі футбольны дыктар, які мае навуковую ступень.

– Вы сачылі за гульнёй гомельскіх футбалістаў увесь сезон. Як ацэньваеце каманду? Можаце спрагназаваць узровень іх гульні ў наступным сезоне?
– Так, я сапраўды, сачыў за камандай і ўвесь леташні, і ўвесь сёлетні сезон, не прапусціўшы аніводнага матчу. Каманда змянілася непазнавальна. Відавочна, што ў цэлым вынік гэтага сезону – цалкам сувымяральны з леташнім. Абагульняе абодва сезоны і тое, што каманда “завальвала” фініш. Па стылю – гэта былі зусім дзве розныя каманды. Кубараўскі “Гомель­2012” быў кансерватыўным, надзейным у абароне, фундаментальным у сэнсе кантролю мяча, але ён быў даволі сціплым з пункту гледжання відовішнасці гульні. Няблага трымаючы мяч, тым не менш, за матч каманда праводзіла надзвычай мала вострых атак. Мяркулаўскі “Гомель­2013” пакінуў неадназначнае ўражанне. Каманда атрымала па дзве яскравыя перамогі над БАТЭ і Шахцёрам, прадэманстравала ў шэрагу матчаў ледзь не каталонскі варыянт імклівага футболу, але, з іншага боку, 8 разоў прайграла дома, страціўшы тут дзве траціны магчымых ачкоў, а напрыканцы сезону трапіла ў такі ступар, што на “Цэнтральным” у апошнім матчы з Шахцёрам быў, па­мойму, пабіты антырэкорд наведвальнасці за невядома колькі апошніх гадоў. Таму найважнейшай задачай міжсезоння я, напрыклад, лічу камплектацыю і падрыхтоўку годнай абарончай лініі.
І яшчэ вельмі хочацца, каб былі знойдзены спонсары, як гэта б не было цяжка, або былі перагледжаны ў бок паляпшэння сучасныя ўмовы фінансавання каманды. Сезон­2013 паказаў, што ў выпадку добрай гульні нашых лепшых футбалістаў, “БАТЭ” і мінскае “Дынама” могуць дазволіць сабе проста ўзяць і “выкупіць” іх у нас, забіваючы адначасова двух зайцоў: аслабляецца склад “Гомеля” і настолькі ж ўзмацняецца іх уласны склад. Чаго варты такі “падвоены ўдар”, відавочна паказаў сёлетні пераход Сяргея Канцавога ў мінскае “Дынама”. Трэба ў гэта міжсезонне зрабіць усё магчымае з пункту гледжання стварэння ўмоваў для лепшых футбалістаў, так каб яны не пакідалі наш клуб цягам сезону. Што тычыцца галоўнага трэнера, на маю думку, трэба ўсебакова падтрымаць Аляксея Мяркулава. Ён фактычна толькі пачаў працаваць з камандай. Агульнавядома, што за адзін год добрую каманду зрабіць немагчыма, трэба яшчэ мінімум сезон, каб былі высветлены сапраўдныя здольнасці трэнера.


– Не ўзнікала ніколі жадання кінуць усё і пайсці пабалець за любімы клуб?
– Шмат разоў! Мая мара, гульні напэўна з трэцяй, як я працую, каб можна было ўзяць і накіраваць сябе ў розныя бакі. Адзін бы падтрымліваў каманду на трыбунах, другі – працаваў і рабіў неабходныя абвесткі! Не хапае мне таго, што адбываецца на трыбунах. На сур’ёзных гульнях – “Гомель­Ліверпуль”, “Беларусь­Францыя” – ступень персанальнай адказнасці становіцца больш важнай за вынік. Я магу сказаць, што гэтыя гульні я не бачыў вачыма заўзятара, а амаль цалкам – вачыма супрацоўніка. Таму часам настальгую па тых часах, калі мог прыйсці на трыбуны і аддацца цалкам гульні. «Гомель» – унікальная ў сэнсе футбольнага заўзятарства мясціна. Гэта адзіны горад, адзіны стадыён, дзе любяць сваіх, але аддаюць належнае і гасцям. Калі “Цэнтральны” бачыць, што госці перамагаюць у сапраўднай шчырай барацьбе, дэманструючы і волю, і майстэрства, яны заўсёды пачуюць з нашых трыбун апладысменты. Гэтак сама і нашы атрымаюць падзяку не толькі за перамогу, але і за адданасць гульні, за імкненне да перамогі. Калі ласка, прыходзьце на футбол, паважаныя гледачы! Калі вас будзе больш за 10 тысяч, наша каманда абавязкова будзе гуляць у добры футбол! Натхненне ў футболе – не малаважная рэч.

При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.
Просмотров: 278

Комментарии