У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.
Нацыянальная сімволіка, арнамент і надпісы на роднай і крыху падзабытай некаторымі мове сёння можна ўбачыць амаль усюды. На гэтым будуюцца піяр-хады кампаній, выпускаюцца калекцыі моднага адзення, рэкламуецца нацыянальная кухня... Што гэта: пэўная даніна модзе ці павага да свайго роднага, крэўнага? «Вячорка» дзейнічае выключна па закліку сэрца і адкрывае новы праект «СВАЁ наРОДНАЕ». У яго межах мы будзем распавядаць пра тое, што паступова знікае ў віры каштоўнасцяў новага тысячагоддзя. Каб захаваць самае патаемнае, безумоўна. І пачаць праект мы вырашылі з высокага і адначасова блізкага...
У кожным сімвале ці знаку, што беражліва ахоўвае народ, ёсць глыбінны сэнс. Ва ўсе часы беларусы надзялялі птушак магічнымі якасцямі. Крылы, магчымасць далёка лятаць ператваралі іх у боскіх істот. Паводзіны чалавека і птушак у нечым падобныя, і гэта нас яднае. Аб беларускіх вераваннях, вобразе птушкі ў народнай культуры і нябесных «пакараннях» распавёў загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Пятро Цалка.
ПА ВЕРЫ
Некалі многія птушкі адчулі на сабе асаблівасці чалавечага жыцця. У іх была сям'я, дзеці і звыклыя кожнаму хатнія клопаты. Але ўсё імгненна змянілася: за грахі людзі ператварыліся ў птушак.
Самая беларуская птушка – бусел – таксама некалі была чалавекам. З пакалення ў пакаленне перадаецца гісторыя пра Бога, які сабраў вужоў, змей і гадзюк ў адным месцы. Засыпаў іх у мех, моцна завязаў і аддаў чалавеку, каб той выкінуў усё ў балота. Паглядзеў чалавек, што вечар на вуліцы, вырашыў вярнуцца дадому і адпачыць. Жонка стала распытваць, што ляжыць у мяшку, але адказаць ён не змог. Бог перадаў, сказаў утапіць у балоце – гэта ўсё, што трэба ведаць. Але жаночая натура зусім іншая. Ёй было недастаткова інфармацыі. Не прайшло і хвіліны, як жонка развязала клуначак і сунула ў яго свой нос. Папаўзлі з мяшка гады, ды так хутка, што і спыніць немагчыма. Убачыў гэта Бог і сказаў: «Цяпер і вы, і вашыя дзеці ўсё жыццё будзеце хадзіць па балотах і збіраць тое, што распаўзлося». З тых часоў і з'явіліся буслы.
У кожнай птушкі свая гісторыя. У выпадку з зязюляй спрацоўвае назіранне за ладам яе жыцця. Зязюля не выседжвае яйкі, а падкладае іх у чужыя гнёзды. У легендах птушку ўяўляюць жанчынай, якая пазбавілася ад дзяцей, за што і была пакарана. Цяпер гадаваць дачок і сыноў зязюля не мае права.
Дзятлы ж былі мужчынамі, якія збівалі бочкі ў святочны дзень. Вось і ператварылі іх у птушак, асуджаных на вечную працу з дрэвам.
ГОЛАС ПРОДКАЎ
У культуры беларусаў сакральнае значэнне мела выпечка. Фігуркі птушак выпякалі вясной на хрысціянскае свята Соракі. Верылі: калі спячы 40 «птушак», то вернецца 40 выраяў. Печыва падкідвалі да неба, што імітавала палёт птушак. Людзі верылі, што хутка прыйдзе сонца і цяпло, а з імі прачнецца прырода і пачнецца праца.
Нярэдка над ложкам вешалі чорнае покрыва. Змрочны колер успрымаўся як чарназём, урадлівая зямля. А значыць і класці цёмнае покрыва з птушкамі варта было там, дзе патрэбна пладавітасць.
Уяўленні беларусаў добра перадае слова «вырай». Цёплыя краіны, куды ляцелі птушкі на зіму, людзі лічылі Раем. Пад знакам «рай» у культуру беларусаў прыходзяць вобразы экзатычных птушак: паўлінаў, папугаяў. Вышыўкай афармляюцца рушнiкi, якімі ўпрыгожвалі іконы і «чырвоны кут» у доме. Кут заўсёды лічыўся «райскім» месцам, дзе жыве Бог. Вышытых або намаляваных птушак так і звязалі з божым пачаткам.
Падрыхтавала Настасся КАНАВАЛЕНКА
Фото Анастасія КАНЦАВЕНКА
Відэа Павел БУЛАНАЎ
При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.