У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.
Персанальная выстава галаўкіўскага падпаліванага роспісу Яўгена Паступайла адкрылася ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі. На адкрыцці наведвальнікаў чакалі чароўная ўкраінская мова, мелодыі народных інструментаў, спевы, духмяная зёлкавая гарбата і шмат керамікі.
У 1980 гады традыцыя галаўкікаўскага падпаліванага (падглазурнага) роспісу амаль знікае. Застаецца толькі адзін майстар – Якаў Міхайлавіч Брухавецкі (1931–2006), які ўзгадвае пра роспіс на талерках і адраджае традыцыю з нуля. Узоры наносяцца адмысловым ражком на мокрую гліняную аснову і фіксуюцца зверху.
На базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка «Чыгірын» архаічную тэхніку адрадзіў сучасны майстар Яўген Паступайла. Звычайны на першы погляд посуд унікальным робіць менавіта роспіс. З аднаго боку падаецца, што ўсе чырванафонавыя, белафонавыя і зялёнафонавыя талеркі аднолькавыя, але гэта не так. На жаль, наколькі важна значэнне фону ў абраднасці не было зафіксавана.
Існуе пэўная рытміка нанясення ўзору і стылістыка, характэрныя для вёскі Галаўкі. У майстра ёсць толькі тры хвіліны, каб паспець зрабіць роспіс. Калі замарудзіць працэс, то гліна высахне ці перастане класціся фарба. Таму сесці і прадумаць малюнак у дэталях часу няма.
Кожная талерка захоўвае глыбінны сэнс і сімволіку. Спіраль на дне посуду, раслінны арнамент па цэнтры, хваля-крывулька па баках. У адпаведнасці з гэтым прасочваюцца культы Сонца, Расліннасці і Вады, што абмывае малюнак. Падобна да традыцый беларусаў, ці не так?
Калі браць гісторыю ўвогуле, талеркі прайшлі шлях ад адваротнага. Спачатку яны былі абрадавымі, у першай палове XX стагоддзя перайшлі ў побытавы ўжытак.
У другой палове XX стагоддя, калі пачынаюць працаваць заводы, талеркі зноў становяцца абрадавымі. А на вяселле калі і абсыпалі маладых цукеркамі ці жытам, то менавіта з такога посуду.
Некалькі выстаў з незвычайнымі талеркамі ўжо былі арганізаваны ў Чыгірыне, але па свету галаўкіўскі падпаліваны роспіс вандруе ўпершыню. Гомель – першы прыпынак. Тут адпачываюць і чакаюць наведвальнікаў болей за паўтары сотні талерак розных памераў. Паглядзець іх можна ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі. Дарэчы, частка талерак застанецца ў музеі назаўсёды: майстар перадаў іх у фонды філіяла для вывучэння памежнай культуры і як памятны сувенір ад суседзяў. Плануецца, што далей выстава паедзе ў сталіцу – горад Менск.
Настасся КАНАВАЛЕНКА
Фота Анастасія КАНЦАВЕНКА
При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.